Белорусский поэт, писатель, журналист, Почетный гражданин Полоцка и Новополоцка Наум Гальперович представил новый сборник стихов «Час лістападу»
Яго крэда – быць шчырым па жыцці і ў творчасці. Ён беззаганна дорыць свой талент людзям, з пяшчотай і павагай праслаўляе родны край. На днях вядомы беларускі паэт, пісьменнік, журналіст, Ганаровы грамадзянін гарадоў Полацка і Наваполацка Навум Якаўлевіч Гальпяровіч прадставіў свой новы зборнік вершаў «Час лістападу». Кніга выйшла ў выдавецтве «Чатыры чвэрці» (г.Мінск). Яна ўвабрала ў сябе ўсё лепшае, што было напісана аўтарам за апошнія гады.
Сустрэча з літаратарам прайшла ў цэнтральнай бібліятэцы імя У. Маякоўскага. Дарэчы, менавіта тут паўстагоддзя таму ён чытаў свае першыя творы. «Мне заўсёды вельмі прыемна быць сярод землякоў. Я нарадзіўся ў Полацку. Калі пачаў будавацца Наваполацк, мы разам з аднагодкамі хадзілі ў двухдзённы школьны паход глядзець, як узрастае новы горад. Мінула колькі год, і Нафтаград стаў для мяне домам. Сёння мне давялося пабываць у гарвыканкаме. На сустрэчы з яго старшынёй Дзмітрыем Дзямідавым мы абмяркоўвалі мерапрыемствы з нагоды прызнання Наваполацка культурнай сталіцай Беларусі.
Адкрываць усіх сакрэтаў не буду, адно магу сказаць, што хутка на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё выйдзе перадача, прысвечаная нашаму гораду-юбіляру. А ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» рыхтуецца да выдання серыя расповядаў пра знакамітых новапалачан, якіх я асабіста ведаў, з якімі сустракаўся», – у размове з карэспандэнтам «НС» падзяліўся Навум Якаўлевіч.
Творчы вечар «Я ад дрэва твайго лісток…», падрыхтаваны народным калектывам «Літаратурнамузычнае аб’яднанне «Крылы», прайшоў у атмасферы поўнага даверу паміж слухачамі і аўтарам. Каханне, узаемаадносіны, гісторыя, культура, прырода – госці сустрэчы разам з паэтам акунуліся ў свет сапраўдных пачуццяў і перажыванняў.
Шчырасць паэзіі, актуальнасць тэм знакамітага новапалачаніна нікога не пакінулі абыякавым. У музычным абрамленні вершы лірыка выканалі таленавітыя літаратары-«крылаўцы» Ірына Каралёва і Алена Штукіна.
Падчас гутаркі Навум Гальпяровіч не раз звяртаў увагу на тое, што веданне беларускай мовы, павагу да роднага краю трэба выхоўваць з дзяцінства: «Беларусы – багатыя людзі. Мы маем дзве дзяржаўныя мовы, але часцяком забываемся на тую, што стварыла нас як нацыю».
Не засталася без увагі і тэма прыроды, якая дае аўтару духоўны грунт для творчасці. Сустрэча атрымалася даволі насычанай на эмоцыі, прысутныя актыўна задавалі лірыку пытанні або проста дзяліліся сваімі ўражаннямі. У ходзе размовы высветлілася шмат цікавых фактаў з асабістай біяграфіі паэта: «Сваім сябрам я расказваю, што ўзяў у жонкі дзяўчыну з манастыра. Многія не вераць, але гэта амаль праўда. Так атрымалася, што мая наканаваная прыехала на экскурсію ў Полацк і пасялілася ў Спаса-Ефрасіньеўскім манастыры…». А яшчэ аказалася, што ўлюбёная пара года паэта не восень, як мяркуюць многія, а зіма.
Была для сустрэчы і яшчэ адна нагода – урачыстая. Дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Наваполацка Марыя Караваева павіншавала Навума Гальпяровіча з 70-годдзем і ўручыла грамату за значны ўклад у культурнае жыццё горада.
Нэлі РАДЗЬКО
Фота Дзяніса Лешчыка