Наваполацкая майстрыха па роспісу Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры пабывала на «Вішнёвым фестывалю»
У горадзе Глыбокае ў сёмы раз прайшло міжнароднае свята «Вішнёвы фестываль». Цэнтральнай падзеяй сёлетняга фэсту стаў абласны пленэр па маляванцы «Райскі сад – 2019», прысвечаны творчасці знакамітага беларускага мастака і этнографа Язэпа Драздовіча. У край вішні прыехалі 20 лепшых майстроў дэкаратыўнага жывапісу з усёй Віцебшчыны. Сярод удзельнікаў была і выдатная наваполацкая майстрыха па роспісу Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры Марына Іванова.
«Сустракалі вельмі гасцінна. Тры дні праляцелі на адным дыханні. Падчас экскурсіі па Глыбоччыне мы завіталі ў музей Язэпа Драздовіча ў Германавічах, гісторыкаэтнаграфічны музей. Наведалі неверагодна прыгожы культурна-дэндралагічны комплекс у вёсцы Мосар. Кожны куточак гэтых чароўных мясцін непарыўна звязаны з жыццёвым шляхам Язэпа Нарцызавіча. Мясцовыя жыхары ганарацца сваім земляком і ашчадна захоўваюць памяць аб ім. Натхнёныя творчасцю самабытнага беларускага мастака, мы ўзяліся за напісанне сваіх работ», – дзеліцца ўражаннямі Марына Іванова.
Хатняя калекцыя новапалачанкі ўключала дываны з выявамі птушак, кветак, краявідаў і стылізацыю на тэму народнага свята Купалля. «Аснову традыцыйнай беларускай макаткі стварае сюжэт, які размяшчаецца ў цэнтры кампазіцыі. Гэта могуць быць жывёлы, кветкі, архітэктура ці бытавыя сцэны. Па баках – прыгожая аблямоўка з маленькіх кветачак, арнаменту ці хваляў. Для мастацтва роспісу Паазер’я найбольш характэрны прыродныя матывы: ружы, рамонкі, званочкі, бэз. Таму за аснову сваёй пленэрнай работы я ўзяла менавіта гэтыя кветкі», – дадае майстрыха. Кожны ўдзельнік пленэру быў адзначаны дыпломам і сімвалічным сувенірам з брэндавай прадукцыяй «Вішнёвага фестывалю».
Нелі РАДЗЬКО