Погода в Новополоцке

21 Декабря 2024

Суббота

Новополоцкая городская газета «Новополоцк сегодня»
выходит два раза в неделю объемом 24 полосы
(во вторник – 8 полос, в пятницу – 16).

Номера газеты печатаются в цветном виде.
Газета распространяется по подписке
и через киоски «Белсоюзпечати».

Учредители: Новополоцкий городской
исполнительный комитет, Новополоцкий
городской Совет депутатов.

Подробнее
О нас
Задать вопрос

Вы можете составить электронное обращение,
нажав на кнопку Задать вопрос.

Мы будем рады помочь Вам и ответить
на любые Ваши вопросы.

Смак бабуліных піражкоў

Bip успамінаў зацягнуў мяне ў дзяцінства, як толькі я ўбачыла гэтую дарогу, дарогу да вёскі Рэм, такую светлую і радасную, дарогу да дзеда Клімкі і бабкі Прузынкі.
У маіх бацькоў шасцёра дзяцей, усе дочкі. Жылі мы тады за сем кіламетраў ад дзеда з бабай, і амаль кожныя выхадныя бацька ўсаджваў нас на падводу і мы ўсёй сям’ёй, нават сабака і кошка не заставаліся дома, ехалі сюды.

Дзетак поўны воз
Конь у госці вёз.
А сабачка: «Гаў»
Наперад забягаў…

Пирожки

Экспромтам складзеныя намі песні спяваліся сямейным хорам і разносіліся па наваколлі нашымі звонкімі галасамі. Мы любілі гэтую дарогу, яна ніколі не была для нас доўгай, мы заўсёды былі ўпэўнены, што там, куды яна вядзе, нас любяць, па нас сумуюць. Дзед з бабкай, колькі я сябе памятаю, заўсёды чакалі нас, седзячы на лаўцы, прыгожа апранутыя, шчаслівыя ад сустрэчы з намі. На стале – смачныя пачастункі, і сярод іх абавязкова бабуліны піражкі, маленькія такія, падобныя на шарыкі, памачаныя ў сумесь з растопленага сметанковага масла, мёду і маку. Піражкоў гэтых, неверагодна смачных, заўсёды было напечана столькі, што, здавалася, яны ў гэтай хаце ніколі не канчаліся, нават калі да дзеда з бабкай прыязджалі яшчэ дзевяць унукаў, акрамя нас. Вось ужо было радасці, як збіраліся ўсе разам! Але я любіла, асабліва калі яшчэ не хадзіла ў школу, застацца ў дзеда з бабкай і пажыць тыдзеньчык-другі. І тады я дапамагала бабцы пячы гэтыя самыя піражкі, са скуры лезла, каб быць патрэбнай у гэтай справе, таму з дзяцінства дасканала ведаю рэцэпт іх прыгатавання. Але мяне вельмі засмучала тое, што ў бабкі з вачэй на піражкі заўсёды беглі слёзы. Яны капалі на патэльню, на мёд і на мак… Бабка казала, што цыбуліну разрэзала, вось і зашчыпала вочы, але я разумела, што цыбуля тут ні пры чым, і вельмі баялася, што нечым пакрыўдзіла сваю бабулю. Супакойвала яе, прасіла прабачэння – нічога не дапамагала. Яшчэ я любіла хадзіць з бабкай на сяло. Бабка заўсёды прыгожа прыбірала мяне і сябе і вельмі ганарылася мной, асабліва калі суседзі прасілі мяне прачытаць байкі ці праспяваць прыпеўкі. Тады ўвесь выгляд маёй бабулі казаў: «Глядзіце, якая ў мяне ўнучка!»
I вось аднойчы на адным з такіх імправізаваных канцэртаў, калі бабка, прытуліўшы да сябе, гладзіла мяне па галаве і расказвала, якая я ў яе прыгожая, разумная і таленавітая, адзін сталы чалавек, якога звалі ў сяле Сцяпанам, падышоў да нас і сказаў: «Што, прыгрэлася ля чужога агню?! Пабіранка, нішчанка! Не вер ёй, дзяўчынка, гэта не можа быць праўдай, для яе ты ніколі не станеш роднай, ніколі!» Я нічога не разумела і глядзела на дзядзьку Сцяпана, як на звар’яцеўшага, а бабка яшчэ мацней прыцягнула мяне да сябе і з яе вачэй ручаём пацяклі слёзы. На мае спробы супакоіць яе бабуля адказала плачам наўзрыд. Я разгубілася і не ведала, што рабіць, я разумела, што вінаваты той, з глузду з’ехаўшы чалавек. Але навошта так крыўдзіцца на дурня? Сама мяне вучыла: «Хоць гаршком абзаві, у печ не ўставіш!». Якая ж ты нішчанка, калі на табе такое прыгожае адзенне!.. Вось гэтыя думкі я і выказала сваей бабцы.
«Ведаеш, Кацярынка, – гаварыла мне, усхліпваючы, Прузынка, – дзядзька Сцяпан зусім не дурны, і ўсё, што ён тут казаў, праўда, страшная, горкая праўда.
…Некалі мы ўсе былі суседзямі і жылі недалёка адсюль, у вёсцы Жураўкоўка, якую ў час вайны датла спалілі фашысты. У дзядзькі Сцяпана была жонка і пяцёра малых дзетак. Твой дзед Клімка тады жыў з Геленкай – маці твайго бацькі, тваёй роднай бабуляй, якую табе ніколі не давялося бачыць. У іх да вайны было сямёра дзяцей, а я была замужам за Хведарам і расцілі мы з ім адзінаццаць дзяцей. Пачалася вайна. Я праводзіла на фронт мужа і старэйшых сыноў-двайнят – Івана і Лёньку, а дзевяць меншых дзяцей са мной засталіся. Сцяпан таксама пайшоў ваяваць, пакінуўшы сваю сям’ю. А твой дзед Клімка жаніўся ў 37 гадоў, таму, як пачалася вайна, ён ужо старым лічыўся, не ўзялі яго ў войска. Праводзілі яны з Геленкай на фронт старэйшага свайго сына Мікалая, а Юліку, твайму бацьку, гадоў не хапала, дык ён у партызаны падаўся з такімі ж, як сам, падлеткамі. Дачку іх старэйшую, Марыю, немцы ў Германію вывезлі, разам з усёй вясковай моладдзю. Іх сын Васілёк, якому тады было сем год, раптам захварэў і памёр ад невядомай хваробы. Усё гэта падкасіла Геленку, весялушку і спявачку на ўсё сяло, злягла яна. А як слых прайшоў, што недалёка адсюль, у вёсцы Пядань, усіх людзей, і старых і малых, сагналі ў пуню і жывымі спалілі, то яна ўгаварыла Клімку ўзяць дзяцей і схавацца ў балоце, пакуль карнікі лютуюць, сама ісці з імі не змагла. Таму ніхто і сёння не ведае, жывую яе ў хаце немцы спалілі ці яна сама памерла, а потым разам з хатай згарэла, бо з тых, хто тады застаўся ў вёсцы, ніхто не ўцалеў. Мы з дзецьмі таксама ў балота падаліся, харчоў, як маглі, з сабой узялі, але накарміць маю сям’ю, нават жывучы ў вёсцы, тады было цяжка, недаядалі, а ў балоце вада, і тая зацвіўшая… Вярнуліся на папялішча вёскі галодныя, слабыя. I сталі мае дзеткі вянуць, як кветкі. За тыдзень ўсіх дзевяць пахавала. Першай памерла Вікця – два годзікі было, на другі дзень блізняткі Вера і Рая, на трэці – Марылька, Пецька і Жэня, потым Вольга з Валькай, а Надзейку я апошняй пахавала. Сама сваім дзеткам магілы капала, Бога прасіла і мяне забраць. Не ведаю, чым я перад ім так правінілася, што прымушае ён мяне так доўга жыць на гэтым свеце, ведаючы, што не змагла я зберагчы самае дарагое, што было ў маім жыцці, – маіх дзетак. Лепш у вір галавой, чым такое жыццё. Так і зрабіла б, ды прынеслі мне людзі параненую Таньку, пляменніцу. Мая сястра з дзецьмі таксама хаваліся ў балоце, але як дадому вярталіся, на фашыстаў трапілі. Усіх, сволачы, перастралялі: і старых, і малых. Сярод расстраляных была і сям’я Сцяпана. А Таньку паміж трупаў знайшлі, яшчэ жывую, з перабітымі нагамі і параненай рукой, жыццё ледзь-ледзь трымалася ў маленькім цельцы. Вось і затрымалася я на гэтым свеце, таму, што трэба было дагледзець гэта дзіця. А потым атрымала пахаронкі на мужа і на сыноў – адна за другой. Хлопчыкаў маіх адной гранатай у адной варонцы забіла. Клімкаў Мікалай без рукі дамоў з вайны прыйшоў, бацька твой с параненай галавой і рукой таксама пасля перамогі са шпіталя напісаў. А вось Марыя, вярнуўшыся з Нямеччыны, пражыла ўсяго некалькі дзён, у няпоўных 18 гадоў памерла. Сцяпан, як з фронту вярнуўся, выў, як паранены воўк, ён так і застаўся сам-насам са сваім горам.
Клімка дапамагаў нам з Танькай мужчынскую працу рабіць, а я яму – дзяцей абмыць, есці зварыць, бо засталіся на яго руках трохгадовая Шурка, чатырохгадовы Аляксей і пяцігадовы Ясь. Глядзела іх, як магла, але ніхто, ні Танька, ні Шурка, ні Ясь, ні Аляксей, ні разу не назваў мяне мамай. Выраслі і мая пляменніца, і Клімкавы дзеці добразычлівымі, працавітымі людзьмі, і цяпер мы адна сям’я. I ўнукі ў нас добрыя, ласкавыя, прыгожыя, разумныя. Чаго яшчэ трэба? Але я ў гэтай сям’і – пабіранка, грэюся пад чужым сонцам, а сагрэцца так і не змагла. Не магу я не думаць, гледзячы на чужых дзяцей, чаму гэта не мае? Якія б яны былі цяпер, мае дзеткі? Якія б сёння былі мае ўнукі? Як бы мы з Хведарам сёння іх чакалі, сустракалі?!… Кожны раз, кладучыся спаць, я перабіраю ў памяці твары сваіх дзяцей, мужа. Я вельмі баюся забыцца, як яны выглядалі, нават фотакартак не засталося. Ты заўсёды пытаешся, чаму я плачу, калі пяку піражкі? Не хачу я плакаць, слёзы самі ліюцца, бо не дачакалася я сваіх унукаў. А ты – ты вельмі падобная на маю дачку Марыльку, і я дазваляю сабе ўявіць, што неба пашкадавала мяне і паслала яе мне праз цябе. Але гэта толькі на хвілінку. Я разумею, што гэта не так. Прабач мяне, але Сцяпан сказаў праўду: я ніколі не буду любіць цябе так, як бы любіла Геленка – твая родная бабуля, я ніколі не буду любіць вас так, як бы я любіла сваіх родных унукаў. Даруй мне, мілая дзяўчынка, я люблю цябе так, як магу, але не так, як ты гэтага заслугоўваеш. І дай Бог табе, дзетачка, гадаваць сваіх дзетак і няньчыць сваіх унукаў – толькі ў гэтым ёсць сэнс жыцця, толькі гэта – шчасце. Я праклінаю тых, хто забраў у мяне шчасце, я праклінаю вайну і тых, каму яна патрэбна, ад імя ўсіх маці на свеце, ад імя ўсіх удоў і бабуль, якія не ўбачылі сваіх унукаў. Вось, выказала табе ўсё, што на душы, выгаварылася толькі таму, што малая ты яшчэ, нічога не зразумееш і не запомніш».
Я, і праўда, тады многага не зразумела з таго, што гаварыла мне бабка, але запомніла ўсё. Сёння я чакаю да сябе сваіх самых дарагіх гасцей. Я пяку піражкі з майго дзяцінства, у нас іх усе любяць. У мяне яны заўсёды атрымоўваюцца вельмі смачныя, але не зусім такія, як у бабкі Прузынкі. Я мачаю піражкі ў мачанку, складваю ў міску. Ад нахлынуўшага ўспаміну пра бабку Прузынку з маіх вачэй выкацілася сляза прама на піражок. «Ой, што рабіць?». Я ўзяла ды з’ела яго і… Вось ён, той непаўторны смак бабуліных піражкоў. Але не трэба! Не дай Бог нікому ніколі паспрабаваць прысмакі, прыпраўленыя горкімі слязьмі!
Я хіну да сэрца свайго маленькага ўнучыка, сваё сонейка… Я зразумела цябе, бабка Прузынка. Я дарую табе тваю недалюбоў!

Кацярына СІДАРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Прикрепите файл в формате JPEG

Год качества
Реклама НАФТАН
Февраль 2014
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Дек   Мар »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
2425262728  
Лента новостей
Самые читаемые новости за неделю
ФОТОФАКТ. В районе перекрестка Калинина установили четырехметровую фигуру зубра
Просмотры: 13693
В Новополоцке засияла новогодняя елка. ФОТОРЕПОРТАЖ
Просмотры: 2345
Новогодний автопарад проехал по главной улице Новополоцка. ФОТОРЕПОРТАЖ
Просмотры: 2235
Сотрудники отдела ГАИ Новополоцкого ГОВД проверяют пассажирский транспорт
Просмотры: 1691
Галерея памяти
Подписка Купить газету .pdf
Афиша
Новополоцк LIVE