Две новополоцкие писательницы стали членами Союза писателей Беларуси
Дзве наваполацкія пісьменніцы сталі членамі прэстыжнага грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
Гэта Іна Мароз – паэтка, бард, яркі прадстаўнік народнага літаратурна-музычнага аб’яднання «Крылы» цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Наваполацка. Іна Васільеўна – аўтар зборнікаў паэзіі «Перапляценні», «Лістаслоўе», лаўрэат шматлікіх міжнародных, рэспубліканскіх конкурсаў, уладальніца Гран-пры абласнога конкурсу «Песні сунічных бароў».
Другім шчасліўчыкам стала Тамара Кавалёва – паэтка і пісьменніца. На яе творчым рахунку зборнікі «Нязведаны дзень», «Тайна часу» і зусім свежае выданне «На вішнёвым востраве».
Тамара Іванаўна не раз уваходзіла ў лік прызёраў як гарадскіх, так і міжнародных літаратурных спаборніцтваў. Толькі ў гэтым годзе яна стала фіналістам VII Міжнароднага літаратурна-музычнага фестывалю «Інтэлігентны сезон-2021» (Рэспубліка Крым, РФ) і фестывалю аўтарскай песні, паэзіі і візуальных мастацтваў «Віцебскі лістапад – 2021» у паднамінацыі «Вершы для дзяцей». Заваявала першае месца на IV Літаратурным фестывалі «Цэнтр Еўропы» (г. Полацк, Беларусь) у намінацыі «Паэзія», на якім яшчэ і ўзяла прыз глядацкіх сімпатый.
Кожны аўтар лічыць за гонар увайсці ў Саюз пісьменнікаў. Стаць яго членам не так проста – акрамя вопыту ў літаратурнай дзейнасці, перамог на конкурсах, прэтэндэнт павінен мець публікацыі ў афіцыйных выданнях і асабістыя зборнікі твораў.
Нэллі РАДЗЬКО
фота Аліны Станкевіч, з архіва Інны Мароз