Новополочане заняли весь пьедестал почета Международного фестиваля «ART-PANORAMA Россия 2021» в Москве
Новапалачане занялі ўвесь п’едэстал пашаны Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці «Art-Panorama Расія 2021»!
Маштабны культурна-пазнавальны праект сабраў больш за 400 удзельнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Трохдзённая праграма ўключала канцэртную частку, конкурсныя выступленні, майстар-класы, знаёмства з гістарычнымі і культурнымі славутасцямі Масквы. Праект трансліравалі па адным з расійскіх тэлеканалаў.
Новапалачане гучна заявілі пра сябе ў намінацыі «Вакальна-харавая творчасць, народны вакал». Прафесійна, ярка, эмацыянальна выступіла навучэнка 2-га курса спецыяльнасці «Дырыжыраванне (народны хор)» Наваполацкага музкаледжа Варвара Калесніковіч. Самабытнасць вы-
канання беларускіх аўтэнтычных песень «А ручай коціцца, ды гуляць хочацца» і «Ой, сярод двара» прынесла 18-гадовай спявачцы Гран-пры фестывалю і каштоўны прыз. Яе маленькая цёзка – вучаніца школы практыкі пры музкаледжы Варвара Бароўская – атрымала дыплом лаўрэата ІІ ступені.
З выдатнымі вынікамі дадому вярнуліся і артысты Цэнтра культуры г. Наваполацка. Вакальная група ўзорнага ансамбля танца і песні «Прыдзвінскія россыпы» стала лаўрэатам І ступені. Спевакі выканалі народныя песні «Штой на нашай вуліцы» і «Добра гаспадынька» (аранжыроўка Нэлі Бароўскай і Ігара Валькоўскага). На другую прыступку конкурснага п’едэстала падняўся саліст «россыпаў» Вадзім Пазняк. Дарэчы, у сталіцы Расіі калектыў выступіў у новых касцюмах, пашытых спецыялістам цэнтра Ірынай Мясаедавай.
«Нягледзячы на сцюдзёнае надвор’е, конкурс пакінуў у нашых сэрцах толькі самыя цёплыя ўспаміны. Трапяткое, добрае стаўленне журы да выканаўцаў настроіла на пазітыўны лад. Гала-канцэрт фестывалю праходзіў у Амбасадзе Беларусі ў Расіі, што дадало праекту асабістай элітарнасці», – у размове з карэспандэнтам «НС» расказала педагог музкаледжа і кіраўнік вакальнай групы ансамбля «Прыдзвінскія россыпы» Нэлі Бароўская.
Нэлi РАДЗЬКО