Как в Новополоцке школьники и их родители из гимназии №1 встречали Масленицу
Больш за тысячу бліноў, вясёлыя гульні і народныя спевы. У мінулую суботу на тэрыторыі філіяла гімназіі №1 развярнулася свята народнага календара – Масленіца. Яе ўдзельнікамі сталі наваполацкія школьнікі, іх бацькі і жыхары мікрараёна.
Сустракалі вясну па традыцыі шырока. Гасцей запрашалі паўдзельнічаць у конкурсах на спрыт, моцу і быстрыню, частавалі духмянай гарбатай ды салодкімі ласункамі. А колькі блінцоў там было на любы густ і смак!
Вясёлую атмасферу стваралі каларытныя фотазоны ў вясковым стылі, тэматычныя пляцоўкі. Дзеці і дарослыя маглі зрабіць не толькі выдатныя сэлфі, але і вырабіць ляльку-абярэг, арыгінальны галаўны ўбор у выглядзе сонейка і нават адчуць сябе сапраўднымі паварамі. Спартыўныя спаборніцтвы за званне лепшага, падарункі за перамогу толькі падбадзёрвалі гасцей. Яны ахвотна прымалі ўдзел у конкурсах і віктарынах.
Святочны настрой задавалі ансамбль песні і музыкі «Сузор’е» СШ №1, фальклорны гурт «Ажыначкі» Палаца дзяцей і моладзі, танцавальны калектыў «Імпульс» гімназіі №1.
Мерапрыемства прайшло ў рамках праекта «Татава субота» пры падтрымцы майстэрні «Бацькі і дзеці». Арганізатарамі і вядучымі выступілі педагогі гімназіі і савет лідэраў навучэнцаў.
Нэлі РАДЗЬКО