Сразу 2 награды завоевали учащиеся Детской школы искусств №1 на ІV Международном конкурсе-фестивале «На крыльях лета»
Адразу дзве перамогі ў розных намінацыях заваявалі навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў №1 на ІV Міжнародным конкурсе-фестывале «На крылах лета» (г. Мінск).
Дыпломы лаўрэатаў І ступені ўзялі тандэм «настаўнік – вучань» і духавы ансамбль пад кіраўніцтвам Ірыны Шульжэнка-Суханавай. Творчае спаборніцтва праходзіла пры падтрымцы грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз музычных дзеячаў». Упершыню падключылася Рэспубліканская музычная гімназія-каледж.
Новапалачане падрыхтавалі моцную праграму выступленняў. Для дуэта з юным саксафаністам Дарыем Абрамовічам педагог Ірына Мікалаеўна зрабіла пералажэнне знакамітага танга «Рэўнасць» дацкага кампазітара Якаба Гадэ. Гучанне твору ўзмацніла ігра канцэртмайстра Вікторыі Валадзько. Ансамбль вучняў у складзе флейтыстаў Клаўдзіі Ванінай, Артура Пашкевіча і ўжо знаёмага нам Дарыя (саксафон) выканаў для конкурсу «О, благодать!» Джона Ньютана і «Хабанэру» Жоржа Бізэ. Канцэртмайстрам выступіла Марыя Чаркес.
Яшчэ адну перамогу «На крылах лета» школе прынёс фартэпіянны дуэт Камілы Грынёвай і Ксеніі Шарыпы. Навучэнкі Алены Стральцовай сталі лаўрэаткамі трэцяй ступені. Дарэчы, «Нарвежскі танец» Эдварда Грыга, які дзяўчаты выконвалі ў сталіцы, прынёс ім дыплом лаўрэата ІІ ступені з Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай і моладзевай творчасці «Вясёлка над Віцебскам».
Творчае спаборніцтва праходзіла ў межах XXXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар – 2022». Удзел прынялі звыш 1000 канкурсантаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Латвіі, Арменіі, Эстоніі, Егіпта.
Высокую ацэнку аўтарытэтнага міжнароднага журы «вясёлкавага» конкурсу пад кіраўніцтвам народнай артысткі Расіі Людмілы Сафонавай заслужыў Дарый Абрамовіч. У паўночную сталіцу наш 12-гадовы саксафаніст прывёз дзве часткі «Грэчаскай сюіты» Пэдра Ітуральдэ і дамогся дыплома лаўрэата І ступені ў намінацыі «Інструментальная творчасць» (саксафон, сола). Людміла Васільеўна асабіста павіншавала таленавітага юнака з перамогай і запрасіла на конкурс у Маскву.
Нэлі Радзько