Народны гурт архаічных спеваў «Княжыч» прыняў удзел у свяце сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава»
Народны гурт архаічных спеваў «Княжыч» Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры г. Наваполацка прыняў удзел у свяце сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава» (г. Браслаў).
Сваёй назвай фэст абавязаны знакамітаму полацкаму князю Брачыславу Ізяслававічу. Пры ім Полацкая зямля аформілася як самастойная, незалежная дзяржава, а яе межы пашырыліся на паўночны захад. Тэрыторыя даходзіла да вярхоўяў Заходняй Дзвіны і Дняпра, што дазволіла палачанам кантраляваць ключавы адрэзак вялікага гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі»: з краін Скандынавіі ў Візантыю. Дарэчы, Прападобная Еўфрасіння Полацкая прыходзіцца праўнучкай дзяржаўцу. Лічыцца, што менавіта Брачыслаў заснаваў горад Браслаў.
Сёлета свята ў гонар выбітнага дзеяча беларускай гісторыі прайшло трынаццаты раз. Арганізатарамі выступілі Віцебскі абласны выканаўчы камітэт і Браслаўскі раённы выканкам пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Запрошаныя калектывы падпарадкоўваліся строгаму рэгламенту: апраналіся ў народныя або сярэднявечныя строі, карысталіся аўтэнтычным посудам, прыладамі працы, паходнямі, жылі ў шатрах.
У праграме, што разгарнулася на Замкавай гары, гледачам прапанавалі паказальныя выступленні клубаў гістарычнай рэканструкцыі, здабычу жывога агню, спектакль «Выбар альбо лёс» міфалагічнага тэатра «Ураборас», баявыя, дзіцячыя, навуковыя, забаўляльныя пляцоўкі, кірмаш рамеснікаў, старадаўнія стравы.
«Княжыч» пад кіраўніцтвам Вольгі Карпушэнка выступіў у канцэртнай частцы свята. Прагучалі пазаабрадавыя і тэматычныя кампазіцыі, запісаныя падчас экспедыцый па Віцебшчыне. Напрыклад, «Вайтоўну» калектыў пераняў ад старой жыхаркі вёскі Зуі, на месцы якой зараз стаіць ААТ «Нафтан». Акрамя таго, наваполацкі гурт праводзіў гульню «Верабей», майстар-класы па народным танцам, ставарэнню сувеніраў у тэхніках «набіванка» і «ткацтва». За высокі творчы ўзровень і актыўны ўдзел у свяце калектыў быў адзначаны дыпломам за подпісам міністра культуры Анатоля Маркевіча.
Напрыканцы мерапрыемства выступіла сталічная фолк-гурт «Граф Чапскі».
Нэлi РАДЗЬКО